“Хатынь. Трагедыя беларускага народа”
24.03.2023Вішнеўская сельская бібліятэка правяла час у гісторыю “Хатынь. Трагедыя беларускага народа”.
Бібліятэкар Жвірко Алена Геннадзьеўна расказала аб падзеях мінулай вайны.
Зямля Валожыншчыны з першых дзён гітлераўскага ўварвання апынулася ў агні пажарышчаў і жорсткіх абарончых бітваў. Фашысты сталевай лавінай ірваліся на ўсход праз Гальшаны-Вішнева-Валожын-Ракаў на Мінск. Пасля неаднаразовых налётаў авіяцыі на райцэнтр 25 чэрвеня гітлераўцы захапілі агорнуты пажарам Валожын. 26 чэрвеня немцы акупіравалі ўсю тэрыторыю раёна. З акупацыяй раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі для яго жыхароў наступілі трывожныя і самыя чорныя дні. Ва ўсіх буйных населеных пунктах: Валожыне, Пяршаях, Ракаве, Багданаве, Вішневе, Забрэззі і інш. былі размешчаны нямецкія гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі.
Адной з самых жахлівых праяў фашысцкага акупацыйнага рэжыму быў генацыд у адносінах да асоб яўрэйскай нацыянальнасці. У Валожыне, Івянцы, Ракаве, Вішневе, Забрэззі былі створаны яўрэйскія гета - мясцовыя лагеры смерці. Скучанасць, голад, цяжкая праца, здзекі, частыя забойствы рабілі жыццё жыхароў гета невыносным. Вішнеўскі канцлагер - гета быў ліквідаваны ў жніўні 1942 г. Карнікі сагналі ў хлеў жыхароў гета, пачалі расстрэльваць. Аблілі бензінам хлеў і тых, хто застаўся ў жывых, спалілі жывымі. Масавае знішчэнне яўрэйскага насельніцтва адбылося ў 1941-1942 гг. У Валожыне знішчана каля 2 тыс. чалавек, Івянцы - 800, Ракаве - 1050, Вішневе - 1500, Забрэззі - 50 чалавек.
Трагедыя, смерць закранулі кожнага тагачаснага жыхара краіны. Гэта была не проста вайна. Гэта было нешта іншае - больш страшнае, больш дзікае. Увесь свет сёння ведае пра трагедыю вёскі Хатынь. Трагічны лёс Хатыні раздзялялі 628 беларускіх вёсак, 186 з якіх не здолелі паўстаць з руін паколькі былі знішчаны разам з іх жыхарамі.
Мы в соцсетях: