РУ БЕ EN

Дзень роднай мовы

22.02.2023

 … Не, я не супраць розных іншых моў,

Але мне роднай смак заўсёды мілы.

І я – падданы беларускіх слоў,

Тых, да якіх Радзіма прычасціла.

                            Н. Гальпяровіч

 

У свеце вельмі многа розных моў, але толькі адна з іх родная. Менавіта яна для чалавека самая прыгожая, любімая і дарагая. І кожны год 21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы людзі прызнаюцца ў любові да матчынага слова.

 

Зараз у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх пад  пагрозай  знікнення.

 Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд  UNESCO  абвясціў дзень роднай мовы — каб  хоць  у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.               Няхай нават сёння яна — моцная, распаўсюджаная, абароненая заканадаўствам, але няма гарантыі, што ўжо заўтра яна не трапіць у спіс тых трох тысяч, гатовых знікнуць. Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта.

 

Мерапрыемства, якое адбылося сення ў Валожынскай дзіцячай бібліятэцы было прысвечана Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, юбілей якога адзначаецца ў лютым.

 

Бліжэй пазнаёміцца з біяграфіяй і  творчай спадчынай вядомага пісьменніка пяцікласнікаў  запрасіла  навуковы супрацоўнік Валожынскага краязнаўчага музея Бобрык Ніна Уладзіміраўна.

 

Вікенцій Іванавіч Дунін-Марцінкевіч — беларускі пісьменнік і драматург, класік беларускай літаратуры, заснавальнік нацыянальнай драматургіі, а таксама перакладчык. Адным з першых пісаў свае творы на беларускай мове, надаючы  ёй высокі грамадскі статус.

Асобай увагі заслугоўвае тэатральная дзейнасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Яго стараннямі быў створаны першы беларускі тэатральны калектыў, які ўвайшоў у гісторыю беларускай культуры пад назвай Тэатр Дуніна-Марцінкевіча. Тэатр ладзіў спектаклі ў фальварку Люцынка, Мінску, Бабруйску, Слуцку  і інш. Трупа складалася больш чым за 20 чалавек: сам пісьменнік, ягоныя дзве дачкі і сын, прадстаўнікі мінскай інтэлігенцыі. У спектаклях удзельнічаў хор сялян з Люцынкі, меўся і аркестр. Ставіліся галоўным чынам п’есы В. Дуніна-Марцінкевіча.