РУ БЕ EN

вынікі фотавыставы “Новы год майго дзяцінства”.

20.01.2023

Падведзены вынікі фотавыставы “Новы год майго  дзяцінства”. Самыя старыя фотаздымкі прадставіла Алена Сугака і атрымала ў падарунак фотаальбом. Вось што Алена Францаўна нам расказала:

“Фатаздымкі зроблены напярэдадні 1964 года, на каторых ёсць тата і мая стрэчная сястра Святлана, з якой мы сябруем усе жыццё.

У той час зімы былі халоднымі і снежнымі, асабліва ў вёсцы: замятала літаральна паўдома, а ганак трэба было перыядычна адкопваць.

Пераднавагоднія дні з дзяцінства асацыююцца з пахам ігліцы.  Тата з лесу прывозіў елку, яна была вялікая і даставала да столі, яе водар і марозная свежасць разносіліся па ўсім доме.  У нашай сям'і адзначалі і Новы год і Каляды. Ёлка ў нас дома стаяла ўжо да 24 снежня.

Свята пачыналася ўжо з таго моманту, калі са старога  чамадана  даставаліся  ёлачныя цацкі з сямейнай гісторыяй.

Цацкі былі загнуты  ў тонкую паперу, а найбольш далікатныя ў вату. Вельмі засмучала, што некаторыя былі расколатыя (мабыць не вытрымлівалі перападу тэмператур, ці проста ад старасці).

Упрыгожванняў было шмат. Акрамя традыцыйных шарыкаў, шышак, званочкаў  мне запомніліся незвычайныя ў форме птушак, грыбочкаў, агуркоў, памідораў, вінаграда, хатак, касманаўтаў. Многімі  я карыстаюся да гэтай пары. А цукеркі на нітках! Цяпер ужо сапраўды іх ніхто не вешае на ёлку. Ватку куплялі ў аптэках, рвалі на часткі і клалі на ёлачныя лапы. І быў Дзед Мароз са Снягуркай з пап'е-машэ.

Яшчэ памятаю: у нас жыў кот, які ўвесь час залазіў на ёлку, амаль на самую верхавіну. Кот вельмі любіў гуляць з цацкамі і менавіта для яго на ніжняй лапцы ёлкі вешалі званочак.

Мне падабалася ўся гэта  пераднавагодняя мітусня. Мама пачынала прадумваць меню да святочнага стала. Заўсёды стараліся дастаць які-небудзь новы рэцэпт, які беражліва запісвала ў кулінарную кнігу.

З бацькамі   вучыла  вершы пра Дзеда Мароза і Снягурку, каб усе святы  магла горда распавядаць сваякам і абавязкова на табурэтачцы!

Мая мама працавала ў школе  і  да нас прыходзіў вельмі прыгожы Дзед Мароз, ужо потым я даведалася, што гэта быў хтосьці з настаўнікаў.

Запомнілася мне і яшчэ адна добрая традыцыя - у Новы год прыходзіла шмат маляўнічых віншавальных паштовак. Цікава было слухаць пра сваякоў якія жывуць у Прыбалтыцы, Казахстане і Польшчы.

Тата працаваў шаферам і часта бываў у сталіцы. З паездак прывозіў цацкі і пачастункі. Перад Новым годам стараўся купіць апельсіны , нават калі ў чарзе на марозе даводзілася прастаяць не адну гадзіну. Самыя прыгожыя цукеркі мы вешалі на елку.

Я была адзіным і доўгачаканым дзіцем у сваіх бацькоў і разумею, што татуля і матуля рабілі ўсё каб я верыла ў цуды.

Кожны з нас успамінае сваё дзяцінства з цеплынёй. Гэта чароўная краіна, дзе мы былі дзецьмі, жылі весела і бесклапотна, і  верылі ў казку. Новы год заўсёды быў і застаецца для мяне самым чароўным і любімым святам”