“Паклон праз гады…”
18.06.202218 чэрвеня 2022 года Вішнеўская сельская бібліятэка сумесна з работнікамі Дома культуры, ўдзельнікамі народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага РЦК, музеем У. Чарняўскага ладзілі сустрэчу-ўспамін “Паклон праз гады…” – да 110-годдзя з дня нараджэння слаўнага земляка – таленавітага празаіка, перакладчыка, краязнаўца, былога настаўніка Вішнеўскай сярэдняй школы Пятра Іванавіча Біталя.
На мерапрыемства былі запрошаны і прыехалі яго родныя: сын Андрэй Пятровіч Бітэль разам з жонкай Ірынай Канстанцінаўнай, дачкой Наталляй, зяцем і ўнукам з Пухавіцкага раёна; унучка Тамара Іванаўна Бярэзіна з Маладзечна; а таксама вядомы краязнаўца, пісьменнік і бібліяфіл Міхась Міхасевіч Казлоўскі, які шчыра сябраваў з Пятром Іванавічам да яго апошніх дзён…
Напачатку наведалі магілу П. І. Біталя і яго жонкі Ніны Іванаўны, а таксама вядомай беларускай паэтэсы Канстанцыі Буйло, усклалі кветкі.
У гэты дзень у царкве Святых Казьмы і Дзям'яна была адслужана паніхіда ў памяць паэта.
У фае сельскага Дома культуры, дзе праходзіла сама сустрэча-ўспамін, аформлена тэматычная літаратурная выстава, на часопісным століку – партрэт Пятра Іванавіча, кветкі, свечка, стол з асабістымі рэчамі пісьменніка. У імправізаванай зале – госці, вучні, якія адпачываюць у летнім лагеры на базе мясцовай школы, сталыя і юныя вішнеўцы. Вершы П. І. Біталя і пра яго, цёплыя, шчырыя ўспаміны М. Казлоўскага, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Т. Бярэзінай, якая пайшла не толькі настаўніцкай сцяжынай свайго роду, але і дзедавай літаратурнай, былых вучаніц слаўнага настаўніка і творцы Н. Іванкевіч і Л. Бітэль, краналі да слёз. Пранікнёна чыталі ўрыўкі з вершаваных аповесцяў Пятра Біталя “Дзве вайны” і “Баруны” ўдзельнікі літаратурнай гасцёўні “Вянок”, што працуе пры бібліятэцы.
Лейтматывам жа сустрэчы-ўспаміну сталі апошнія радкі з вядомага верша Пятра Іванавіча, які гучыць наказам не толькі кроўным нашчадкам, але і ўсёй нашай моладзі:
Любіць сваё – зусім не значыць
Чужое ганьбіць, адмаўляць.
Вось за чужым свайго не бачыць,
Не вывучаць, не шанаваць –
Злачынствам будзе без сумнення,
Бо ёсць такі закон жыцця:
Шануй чужое аж да пакланення,
Сваё любі да самазабыцця.
Мы в соцсетях: